Арыгінальныя фрэскавыя роспісы, якім можа быць больш за 400 гадоў, былі адкрытыя рэстаўратарамі на галоўным фасадзе касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.
Святыня была ўзведзена ў 1587–1593 гадах па праекце італьянскага архітэктара езуіта Яна Марыі Бэрнардоні па фундацыі князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Нясвіжскі касцёл стаў першым значным помнікам архітэктуры ранняга барока на тэрыторыі Усходняй Еўропы, у якім яшчэ захаваліся пэўныя рэнесансныя рысы.
У ходзе рэстаўрацыйных прац на галоўным фасадзе касцёла былі раскрытыя фрэскавыя роспісы канца XVI – пачатку XVII стагоддзя, а таксама XVIII стагоддзя.
Як паведаміў Catholic.by пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, рэстаўрацыя пакуль працягваецца. Працы па аднаўленні фасадаў пярліны беларускай сакральнай архітэктуры плануецца завяршыць у наступным годзе.
Источник: Catholic.by